ПРАТЭЗАВА́ННЕ ЗУБО́Ў,

аднаўленне цэласнасці зубных радоў з дапамогай зубных пратэзаў. Аднаўляе таксама дыкцыю, эстэт. выгляд чалавека.

У залежнасці ад дэфектаў зубных радоў існуюць розныя канструкцыі зубных пратэзаў (няздымныя, здымныя, умоўна здымныя). Няздымныя (каронкі, мостападобныя пратэзы) робяць пры дэфектах каронак зуба або пры страце 1—3 зубоў. Здымныя пратэзы (пласціністыя, бюгельныя) выкарыстоўваюць пры значных дэфектах зубных радоў. З укараненнем у стаматалогію імплантантаў магчымасці П.з. значна пашырыліся. Праводзіцца дэнтальная імплантацыя (пры недастаткова надзейнай фіксацыі пратэзаў у поласці рота). Выкарыстанне ўнутрыкасцявых імплантантаў дазваляе пазбегнуць здымных пратэзаў або значна палепшыць іх фіксацыю.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)